Рэдакцыя часопіса "Роднае слова" і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзяць конкурс навукова-даследчых работ "Вы паслухайце родную мову: жаўруковаю песняй звініць…"
Удзельнікамі Конкурсу і аўтарамі навукова-даследчых работ могуць быць навучэнцы Х–ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь; навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі; студэнты ВНУ, якія падрыхтавалі пісьмовую навукова-даследчую работу ў межах прапанаваных тэматычных кірункаў і ў адпаведнасці з патрабаваннямі да афармлення. Колькасць удзельнікаў не абмежавана. Матэрыялы на конкурс дасылаюць самі ўдзельнікі або педагогі-кіраўнікі.
Прыём работ завяршаецца 10 верасня 2024 года.
Прымаюцца работы, падрыхтаваныя ў межах наступных тэматычных кірункаў:
– Беларуская мова ў XXI стагоддзі;
– Беларуская мова сярод моў свету / Роднае слова ў дыялогу моў і культур;
– Мова беларускіх старадрукаў і рукапісаў;
– Сучасныя лексічныя працэсы ў беларускай мове;
– Нацыянальная адметнасць беларускай лексікі;
– Узаемадзеянне моўных сістэм ва ўмовах білінгвізму;
– Уласнае імя ў лінгвакультуралагічным аспекце;
– Дыялектная моўная адзінка і кантэкст.
Конкурсныя работы (папяровы варыянт) з пазнакай “На конкурс” дасылаюцца на адрас вул. Сурганава, 1, корп. 2, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, 220072, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь.
Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў адбудзецца падчас Другога міжнароднага навуковага кангрэса «Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы» (да 95-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа).