6 лістапада 2026 года на базе ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава” прайшло раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Пасяджэнне па тэме “Развіццё функцыянальнай (чытацкай) адукаванасці на ўроках беларускай мовы і літаратуры як умова павышэння якасці адукацыйнага працэсу” адбылося ў форме хакатону.
У інфармацыйна-метадычным блоку, падчас флэш-брыфінга, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава” Ж.П. Падколзіна прадставіла вопыт работы па тэме “Ключавыя кампаненты чытацкай адукаванасці”, а настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ж.У. Канашэвіч прадэманстравала міні-прэзентацыю “Хакатон без таямніц: алгарытм нашай працы”.
У практыка-прэзентацыйным блоку настаўнік беларускай мовы і літаратуры Н.І Ганец правяла майстар-клас “Сучасны ўрок: формула поспеху “Чалавечы капітал + Штучны Інтэлект”. Была арганізавана экспрэс-праца ў групах. Кожнай групе былі прапанаваны гатовыя рашэнні штучнага інтэлекту для розных этапаў сучаснага ўрока: “Памылка робата”, “Асацыятыўны ланцужок”, “Крытычны погляд на тэст”, “Ажыві героя” і інш. Настаўнікі працавалі з матэрыялам, які стварыў штучны інтэлект, а пасля прапаноўвалі свае варыянты вырашэння праблемы.
Сакратар раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання С.І. Разумовіч з членамі РВМА разгледзела цяжкія пытанні ЦЭ-2026 па раздзелах “Маўленне. Тэкст. Стылістыка”, прааналізавала тэксты розных стыляў і заданні да іх.
Напрыканцы мерапрыемства С.І. Разумовіч падвяла вынікі пасяджэння, расказала пра асаблівасці падрыхтоўкі да II этапу рэспубліканскай алімпіяды, пра арганізацыю вучэбных збораў па падрыхтоўцы вучняў 9-11 класаў да ІІ этапу алімпіяды на базе раённага рэсурснага цэнтра ДУА “Беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава”, прааналізавала вынікі ЦЭ на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і выпускных экзаменаў па беларускай мове на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2026 годзе.