3 лістапада 2023 года на базе ДУА “Сярэдняя школа № 12 г.Барысава” прайшло пасяджэнне раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Барысаўскага раёна па тэме “Прафесійная кампетэнтнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры як аснова фарміравання моўнай, маўленчай, камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый вучняў”.
Мэта пасяджэння – стварэнне ўмоў для ўдасканалення прафесійных кампетэнцый настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па фарміраванні моўнай, маўленчай, камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый вучняў у працэсе вучэбна-пазнавальнай дзейнасці на ўроках.
Правядзенне пасяджэння ў форме каворкінга дазволіла настаўнікам беларускай мовы паглыбіцца ў тэарэтычныя і практычныя прыёмы работы па фарміраванні ключавых кампетэнцый вучняў.
У тэарэтычным блоку, падчас актыўнай лекцыі, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 12 г.Барысава” В.А. Мікулік расказала пра сучасныя метады і прыёмы фарміравання ключавых кампетэнцый вучняў. Вольга Аляксандраўна адзначыла, што якасць моўнай адукацыі вучняў у сучасных умовах у значнай ступені вызначаецца здольнасцю настаўніка арганізаваць працэс навучання на аснове кампетэнтнаснага падыходу. У мэтах ажыццяўлення паспяховай арганізацыі адукацыйнага працэсунастаўнік беларускай мовы павінен добра ведаць змест моўнай адукацыі, магчымасці яго ўздзеяння на развіццё асобы вучня ў святле сучасных патрабаванняў, а таксама эфектыўныя методыкі і тэхналогіі навучання.
У практычным блоку намеснік дырэктара па па выхаваўчай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 12 г.Барысава” В.А. Шпакоўская правяла ўрок для дарослых “Метады і прыёмы фарміравання камунікатыўных кампетэнцый вучняў на прыкладзе аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”, а настаўнік беларускай мовы і літаратуры Н.В. Шаметавец арганізавала майстар-клас “Фарміраванне моўнай, маўленчай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый вучняў праз візуалізацыю вучэбнай інфармацыі”. Прысутныя актыўна ўключаліся ў работу, праектавалі, аналізавалі, задавалі пытанні.
Старшыня раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Ю.С.Паўлава падвялавынікі пасяджэння, расказала пра асаблівасці арганізацыі і правядзення другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.
Падчас рэфлексіі ўдзельнікі мерапрыемства адзначылі, што каворкінг прайшоў практычна і пазнавальна.